Беларускі народны каляндар, які ахоплівае дзень за днём усё гадавое кола, змяшчае ў сабе шматлікія абрады, звычаі, прыкметы, павер'і, прыказкі, праз якія глыбока раскрываецца ўнутраны свет працоўнага чалавека, яго штодзённыя клопаты і спробы разгадаць таямніцы навакольнай прыроды, жыцця і смерці. Шматвяковы вопыт, назапашаны многімі пакаленнямі папярэднікаў, з'яўляўся для земляроба азбукай і граматыкай усяго яго жыцця. Перададзеныя ў спадчыну народныя веды дапамагалі арыентавацца ў з'явах прыроды, ад якіх нярэдка залежаў ураджай — крыніца існавання селяніна, усёй яго сям'і. У працэсе гістарычнага развіцця, дзякуючы пільнаму ўгляданню ў навакольны свет і асэнсаванню безлічных яго форм чалавецтва ў значнай меры навучылася разумець мову прыроды і кіравацца яе падказкамі ў сваіх будзённых справах.