«Белсат», першы незалежны тэлеканал у Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання. Польскае тэлебачанне супрацоўнічала, сярод іншага, з сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, якую за дзейнасць у галіне правоў чалавека Еўрапейскі парламент адзначыў Міжнароднаю прэміяй імя Андрэя Сахарава. Фармальна стварэнне тэлеканалу сталася вынікам дамовы, падпісанай у 2007 г. паміж польскім Міністэрствам замежных справаў і Польскім тэлебачаннем. У дамове прадугледжвалася шматгадовая супраца і фінансаванне тэлеканалу «Белсат». Большасць праграмаў змяшчаецца таксама на сайце www.belsat.eu. Праграму тэлеканалу можна пабачыць таксама ў кабельных сетках Падляшскага рэгіёну Польшчы. Усе зацікаўленыя аператары кабельных сетак могуць трансляваць канал на ўмовах бясплатнай ліцэнзіі. Прымаць «Белсат» можна праз найпапулярнейшы ў Беларусі спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») ды з папулярнага на захадзе краіны «Astra 1KR».